ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ

21.02.2024

На працягу апошніх дваццаці гадоў 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён заснаваны ЮНЭСКА па ініцыятыве Бангладэш. Свята ўзнікла дзеля таго, каб папярэдзіць знікненне ўнікальных гаворак і захаваць моўную разнастайнасць, падтрымаць нацыянальныя культуры, а таксама забяспечыць права кожнага чалавека на карыстанне роднай мовай. Міжнародны дзень роднай мовы падштурхоўвае нас задумацца аб месцы матчынай мовы ў нашым жыцці, яе захаванні і перадачы наступным пакаленням.

Усе мерапрыемствы былі падпарадкаваны мэце: садзейнічаць папулярызацыі і пашырэнню сферы выкарыстання беларускай мовы ў дзіцячым калектыве; развіваць пазнавальную актыўнасць да роднай мовы і маўленне ў розных відах дзіцячай дзейнасці; выхоўваць любоў і моўнае чуццё да роднай мовы.

Раніцай для бацькоў правялі акцыю "Размаўляй па- беларуску!", падчас якой законныя прадстаўнікі выхаванцаў удзельнічалі ў пазнавальнай віктарыне "Перавядзі і далей ідзі". Бацькі перакладалі цікавыя і незвычайныя словы з рускай мовы на беларускую на працягу абмежаванага часу. На памяць аб гэтай акцыі, бацькам, спецыялісты паднеслі календары з незвычайнымі словамі на беларускай мове.

У малодшіх групах перавага аддавалася мастацкаму слову – пацешкам, забаўлянкам, казкам, вершам; у старшай групе беларуская мова ўжывалася ў розных гульнях (рухомыя гульні, гульні-драматызацыі, гульні-дыялогі, гульні-разважанкі, гульні-падказкі і г.д.). Выхавальнік групы № 6 арганізавала для дзяцей паказ лялечнага тэатра па беларускай народнай казцы «Зайкава хатка».

У сярэдніх групах арганізаваны заняткі па адукацыйнай галіне "Мастацкая літаратура", чытанне паэтычных твораў беларускіх пісьменнікаў "Ветлівыя словы", Т. Кляшторная, "Беларусачка", А. Бадак, "Буславы боты", В. Гардзей.

Выхаванцы старэйшых груп удзельнічалі ў літаратурнай віктарыне "Падарожжа ў беларускую мову".

Кіраўнік фізічнага выхавання правяла з выхаванцамі сярэдніх і старэйшых груп фізкультурныя заняткі "Падарожжа па беларускіх гульнях".

Сумесна з бацькамі выхаванцы аформілі сцэнгазету "Размаўляй па- беларуску!".

У інфармацыйна-метадычным кабінеце арганізавана выстава мастацкай літаратуры для педагогаў і дзяцей дашкольнага ўзросту беларускіх аўтараў.

Такім чынам, беларуская мова гучала ва ўсіх узроставых групах на працягу дня. Дні роднай мовы даюць магчымасць напомніць пра тое, што мы – беларусы, а нашай роднай мовай з'яўляецца беларуская. Гэта тое невычэрпнае багацце, якое перадаецца нам з пакалення ў пакаленне і суправаджае нас усё жыццё.

 

поделиться в:
Меню раздела